БДТУ сярод ганаровых гасцей на юбілеі ў Вільні

1 лютага 1919 г. пачаліся заняткі ў Віленскай беларускай гімназіі, якая стала цэнтрам беларускага грамадcкага жыцця і адукацыі Вільнюскага краю першай паловы ХХ ст. Спадкаемцай традыцый той навучальнай установы лічыць сябе адкрытая ў 1994 г. гімназія імя Францыска Скарыны г. Вільнюса – адзіная беларускамоўная гімназія за межамі Рэспублікі Беларусь. 
Менавіта з гэтай навучальнай установай ужо чацвёрты год працягваецца плённае супрацоўніцтва загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ Уладзіміра Куліковіча. Напрамкі працы самыя разнастайныя: правядзенне майстар-класаў для настаўнікаўў і вучняў гімназіі па падрыхтоўцы да Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, дыстанцыйнае кансультаванне настаўнікаў па пытаннях методыкі і практыкі выкладання беларускамоўных дысцыплін, арганізацыя і правядзенне Міжнародных навуковых канферэнцый школьнікаў Літвы, Беларусі, Польшчы, Латвіі, прэзентацыі выданняў кафедры РВТ і іншае. 

Таму не дзіўна, што сярод ганаровых гасцей гімназіі — прадстаўнікоў пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы на чале з Паслом Аляксандрам Каралём, былога Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Уладзіміра Дражына, мэра г. Вільнюса Рэмігіюса Шымашуса (літ. Remigijus Šimašius), прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, камітэта па адукацыі г. Мінска, дырэктароў гімназій і школ Літвы і Беларусі — з вітальным словам на ўрачыстай цырымоніі, якая адбылася ў гарадской ратушы г. Вільнюса, выступіў і Уладзімір Куліковіч. 

Падчас свайго візіту прадстаўнік БДТУ прэзентаваў гімназіі шэраг сваіх кніг, правёў майстар-клас па падрыхтоўцы да алімпіднага конкурсу “Вуснае выказванне” для старшакласнікаў гімназіі, пазнаёміў узельнікаў урачыстасцей з адукацыйнымі магчымасцямі нашага ўніверсітэта.

Акрамя гэтага, распачалося супрацоўніцтва кафедры РВТ з пасольствам Рэспублікі Беларусь у Літве. 

Оставить комментарий

  Подписаться  
Уведомление о