17-18 верасня студэнткі факультэта прынттэхналогій і медыакамунікацый (ПіМ), Багдановіч Крысціна і Варанецкая Алеся, удзельнічалі ў моладзевым форуме “Книга: пространство профессий” у рамках Чытацкай Асамблеі Садружнасці ў Маскоўскім політэхнічным універсітэце. Мэтай правядзення форума стала выяўленне актуальнага фармату і месца “Кнігі будучага” ў сучасным і будучым грамадстве на прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Грузіі і краін Балтыі.
Падчас форуму ўдзельнікі былі падзелены на міждысцыплінарныя каманды, кожнай з якіх былі прапанаваны тэмы для абмеркавання, выканання і прэзентацыі свайго праекта. Кожную каманду суправаджалі прафесійныя мадэратары. Адначасова з форумам удзельнікаў чакалі лекцыі і майстар-класы ад экспертаў у галіне кнігавыдання, літаратурнай творчасці, дызайну, прадпрымальніцтва, псіхалогіі, адукацыі, кіравання праектамі, мастацтва прэзентацыі.
Сярод спікераў былі вядомыя дызайнеры: Ілля Ляпёшкін, Алена Траццяк, Ягор Тулін; пісьменнікі: Вадзім Паноў, Пётр Скляр; дзеячы культуры: Павел Лазарэнка, Вольга Гарлова; архітэктарка Яўгенія Мурынец.
На форуме каманды працавалі над праектамі: “Канцэпцыя кнігі будучыні”, “Рэклама і кнігапрасоўванне”, “Студэнцкая бібліятэка”, “Выдавецтва ўніверсітэта”. Алеся і Крысціна патрапілі ў каманду, якая разважала над тэмай “Канцэпцыя кнігі будучыні”. У выніку былі прапанаваны некалькі ідэй: сінхранізіраваная кніга, якая дазваляе пераключацца з электроннай версіі на папяровую, і наадварот; электронная кніга для людзей, якія не бачаць (тэкст узнаўляецца шрыфтам Брайля на плашцы); кніга з NFC-чатам.
Форум завяршыўся круглым сталом паміж удзельнікамі, мадэратарамі і экспертамі, на якім прэзентавалі ўсе падрыхтаваныя ўдзельнікамі праекты. Галоўным вынікам форуму сталі сфармуляваныя ў ходзе сумеснага абмеркавання ўдзельнікаў, мадэратараў і экспертаў асноўныя тэндэнцыі і канцэпцыі існавання “Кнігі будучыні”, а таксама вызначаныя праекты, рэкамендаваныя да ўкаранення ў кніжнай індустрыі.
Оставить комментарий