СМИ о Нас: Уладзімір Куліковіч прэзентаваў у Ашмянах «Дзённік алімпіёніка»

Як падрыхтаваць вучняў да алімпіяды ці цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове і літаратуры, чым зацікавіць дзяцей, як зрабіць родную мову прывабнай і папулярнай? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказ настаўнікі-філолагі Ашмянскага, Астравецкага і Іўеўскага раёнаў падчас семінара, які адбыўся на мінулым тыдні ў сярэдняй школе №3.

Праўда, для карэспандэнтаў «Ашмянскага весніка» гэты адказ відавочны – усёй сваёй асобай, любоўю да роднай мовы, якая прарасла каранямі на Ашмяншчыне, педагагічным талентам і майстэрствам яго даў загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, а па сумяшчальніцтве наш зямляк Уладзімір Куліковіч. Менавіта такі чалавек здольны разбудзіць дапытлівасць і неабыякавасць да сваёй мовы.

Падчас лінгвістычных заняткаў Уладзімір Іванавіч прэзентаваў некалькі кніг. Сярод іх – трэцяе выданне “Дзённіка алімпіёніка”, які з’ўляецца настольным дапаможнікам не толькі педагогаў-трэнераў, але і вучняў, якія рыхтуюцца да алімпіяд. У ім сабрана каля 500 розных творчых заданняў.

СМИ о Нас: Уладзімір Куліковіч прэзентаваў у Ашмянах «Дзённік алімпіёніка»

— Важна не проста даць настаўнікам кнігу, трэба яшчэ навучыць ёй карыстацца, — адзначыў Уладзімір Куліковіч. – На семінары мы тлумачым сэнс асобных, нязвыклых заданняў. Такія сустрэчы — а яны запланаваны яшчэ ў Смаргонскім раёне, Гродне, Мінскай, Віцебскай, Гомельскай абласцях – дазваляюць таксама паглядзець на рэакцыю настаўнікаў і зразумець, ці ў правільным кірунку я іду.
Акрамя «Дзённіка алімпіёніка», попытам у настаўнікаў-філолагаў карыстаюцца яшчэ дзве новыя кніжкі мовазнаўца — зборнік тэстаў для падрыхтоўкі да ЦТ па беларускай мове, падрыхтваны выдавецтвам «Аверсэв», і кніга «Беларускія месяцы: чаму іх так называюць».

— Апошнюю кніжку ўзяла, шчыра кажучы, у першую чаргу для сваёй унучкі.Яна зараз у чацвёртым класе. Думаю, этымалогія назваў беларускіх месяцаў, цікавыя факты і тэсты ёй спадабаюцца, — зазначыла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жупранскай СШ Галіна Лукша. — Яшчэ не паспела ўсю кніжку прачытаць, але ўжо зразумела, што і для сябе знайду тут шмат новага і карыснага.
Дарэчы, пашырыць свае веды па беларускай мове дазваляе і прает «ЛюдскІя словы і лЮдскія назвы», які Уладзімір Куліковіч вядзе на старонках газеты «Ашмянскі веснік». І хаця некаторыя з прапануемых слоў для нас нязвыклыя, па меншай меры сучасны алімпіёнік павінен імі валодаць, упэўнены настаўнікі.

Вялікае пачынаецца з малога. Глядзіш, і мы загаворым па-беларуску!
Людміла РЫБІК.

Источник: Ашмянскі Веснік