Міжнародны дзень роднай мовы ў БДТУ

Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы, чарговы раз прайшлі ў БДТУ. Кафедра беларускай філалогіі і бібліятэка БДТУ арганізавалі выставу, на якой былі прадстаўлены творчыя работы беларускіх студэнтаў, а таксама беларускамоўныя кнігі айчынных і замежных аўтараў.

На выставе былі прадстаўлены работы, падрыхтаваныя студэнтамі факультэта ПіМ і ХТіТ да конкурсу ілюстрацый “Па старонках любімых твораў”: студэнты выбралі любімыя паэтычныя і празаічныя творы беларускай літаратуры і падрыхтавалі аўтарскія малюнкі.
Асаблівую зацікаўленасць наведвальнікаў выклікалі ілюстрацыі да беларускіх прыказак і прымавак, казак і фразеалагізмаў, падрыхтаваныя студэнтамі 1-2 курсаў факультэтаў ПіМ, ХТіТ.

Увагу наведвальнікаў прыцягнулі матэрыялы пад рубрыкай “Зямля пад белымі крыламі” – творчыя работы, прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння знакамітага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча (партрэты пісьменніка, ілюстрацыі да вершаваных і празаічных тэкстаў гэтага аўтара і інш.). 

Акрамя таго, на выставе былі прадэманстраваны новыя творчыя работы, падрыхтаваныя студэнтамі для конкурсу “Адвечнае застаецца”, сутнасць якога заключалася ў ілюстраванні шырокавядомай цытаты Францыска Скарыны пра любоў да Радзімы.

Да Міжнароднага дня роднай мовы студэнты І курса факультэтаў ІЭФ і ТАР падрыхтавалі рукапісы тэрміналагічных слоўнікаў па сваіх спецыяльнасцях, тым самым далучыліся да вырашэння праблем нацыянальнай тэхнічнай тэрміналогіі.

Не абыйшлося ў Дзень роднай мовы і без творчых падарункаў. Студэнты факультэта ПіМ парадавалі наведвальнікаў беларускамоўнымі песнямі і вершамі.

Кафедра беларускай філалогіі і дэканат факультэта ПіМ выказвае шчырыя словы падзякі ўсім, хто прыняў непасрэдны ўдзел у арганізацыі святочных мерапрыемстваў.